«ПА́НСКАЯ ЛА́СКА»,

бел. ананімны вершаваны твор 19 ст. ў жанры гутаркі. Напісаны, як мяркуюць, у канцы 1860-х ці пач. 1870-х г. Выяўляе антыпрыгонніцкія, антыпамешчыцкія настроі сялянства. У аснове сюжэта — камічнае бытавое апавяданне пра пана, якому ноччу сава здалася чортам і напалохала яго. На дапамогу яму прыйшоў селянін і злавіў саву, за што атрымаў збан гарэлкі. Назаўтра, праспаўшы работу, ён зарабіў «сотню розаг». У сюжэт аўтар уключыў маналог пра невыноснае жыццё селяніна ў часы прыгону. «П.л.» — прыклад нар. публіцыстыкі з элементамі маст. паказу жыцця з’яўляецца перапрацоўкай нар. анекдота пра пана і чорта. Вобраз памешчыка малюецца ў сатырычна-гратэскнай форме, вобраз селяніна — з лёгкім гумарам. Тэкст твора захаваўся ў рукапісным зб. «Беларускія народныя паданні, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні 1882—1890 гг.» (архіў Рус. геагр. т-ва ў С.-Пецярбургу), апубл. ў зб. «Беларуская літаратура XIX ст.» (1950).

М.​А.​Лазарук.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)